ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел. паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
А.М.Сідарэвіч.
т. 6, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)